Праект партала
Густ Сабралі пяць модных вобразаў на зіму ФОТЫ3
21.12.2019 / 11:25

Трэнды гэтай зімы — клетка, трыкатажныя касцюмы, швэдры оверсайз. Як упісаць іх у свой гардэроб? Разам са стылісткай Настассяй Баршчэўскай мы прайшліся па крамах і сабралі пяць модных вобразаў на любы выпадак.

Стылістка Настасся Баршчэўская.

Вобраз №1. Трыкатаж і футра

Камфортны вобраз для штодзённых гарадскіх спраў. Гэта добрая альтэрнатыва такім распаўсюджаным варыянтам, як пухавік і джынсы. 

Адзенне і аксесуары падабраны ў краме Love Republic.

«Вобраз больш складаны ў плане каляровых спалучэнняў: касцюм колеру папялістай ружы, фактурнае футра (такія цяпер на піку папулярнасці) і сумка ў трэцім адценні ружовага. Звярніце ўвагу, што трыкатажны камплект лепш насіць з нечым доўгім, асабліва калі вас бянтэжыць залішняе абляганне ў вобласці сцёгнаў, — раіць стылістка. — 

Калі фантазіраваць на тэму абутку, тут можа быць нешта ў тон вобразу ці прыгожы карычневы колер. Чорны, канечне, крыху рэзкаваты, і ў дадзеным выпадку мы яго ўраўнаважваем з дапамогай чорнага шаліка. Абутак павінен быць зручны — абцас сюды не пойдзе».

Вобраз №2. Клёш і акцэнтныя плечы

Сучасная класіка. Камплект добра ўпішацца ў дзелавыя будні бізнэсвумэн.

Адзенне і аксесуары падабраны ў краме Love Republic.

«У модзе акцэнтныя плечы. У нашым вобразе яны з’яўляюцца стылістычным прыёмам. Шэры, дастаткова лаканічны швэдар за кошт плячэй становіцца цікавай і нават ключавой дэталлю, — тлумачыць Настасся. — Мы дапаўняем яго штанамі клёш, якія расшыраюцца ад сцёгнаў, са стрэлкай і рамянём на таліі, які яе акцэнтуе, стварае больш жаноцкі сілуэт, што асабліва класна глядзіцца з падкрэсленай лініяй плячэй. Бяром карычневую сумку — гэта дае дадатковы колер, вобраз становіцца больш цікавым. А завушніцы пераклікаюцца з фурнітурай сумкі».

Вобраз №3. Сукенка ў паеткі

Вячэрні кактэйльны варыянт. Падыходзіць для ўрачыстага мерапрыемства — карпаратыў у шыкоўным рэстаране, сустрэча Новага года з сябрамі. 

Адзенне і аксесуары падабраны ў краме Love Republic.

«Сукенка актуальнай даўжыні — цяпер мы носім ці закрытае зверху міні ці мідзі. Такая даўжыня глядзіцца высакародна, тут ёсць схаваная сэксуальнасць, таму ўсім раю прыгледзецца да яе. Сукенка двухколерная. З аднаго боку, палоска ў паеткі — гэта такі традыцыйна навагодні атрыбут, які стварае святочную атмасферу. Пры гэтым паеткі не па ўсёй сукенцы, большасць выканана з тканіны, якая імітуе атлас. Рэч выглядае дорага. Яшчэ мне тут падабаецца дэкальтэ — яно падкрэслівае шыю, плаўную лінію плеч.

У плане прычосак у модзе мінімалістычныя варыянты. У дадзеным выпадку мы абралі заколатыя назад валасы з выпушчанай пасмай — гэта лёгка выканаць у хатніх умовах. Дадалі цікавы штрых у выглядзе абруча з чорнымі камянямі — ён добра спалучаецца з атласам і з’яўляецца неабходнай разынкай прычоскі, бо без яго выглядае крыху праставата».

Чорны клатч, які адрозніваецца па фактуры ад сукенкі і абруча, робіць вобраз больш складаным і цікавым. У ідэале сукенку лепш дапоўніць нюдавымі лодачкамі ў тон скуры ці туфлямі пад колер паетак.

Вобраз №4. Клятчастае міні і оверсайз

Студэнцкі цёплы і ўтульны вобраз. 

Адзенне, абутак і аксесуары падабраны ў краме DeFacto.

«Клетка ў трэндзе: кожны восеньска-зімовы сезон яна сустракаецца ў калекцыях модных дызайнераў. Тут яна прадстаўлена ў выглядзе класічнай спадніцы міні са шчыльнага трыкатажу. Мы дапоўнілі яе бардовым швэдрам оверсайз, большым на два памеры за неабходны. Такім чынам ураўнаважылі празмернае абляганне спадніцы масіўным верхам. Падкрэсліваем талію паясной сумкай: так зручна хадзіць на сутрэчы з сябрамі, на шопінг. 

Мы вырашылі яшчэ крыху пагуляць, дадаць каларыту і павязалі цёплы шалік. Гэта стварае, з аднаго боку, неахайны, з іншага —стылёвы эфект».

Апошнія штрыхі — бардовыя чаравікі ў тон швэдра і шапка (незаменны зімовы аксесуар: і грэе, і хавае валасы, якія зімой хутка страчваюць аб’ём).

Вобраз №5. Пухавік і фуражка

Яшчэ адзін штодзённы варыянт — у бэжава-шэрых адценнях.

«Цяпер у модзе такая спакойная каляровая гамма, — кажа Настасся. — Галаўны ўбор любы вобраз робіць больш цікавым. Паколькі штаны дастаткова свабодныя, абавязкова трэба паказваць лытку, каб было бачна, што ў нас усё добра з прапорцыямі, таму мы ўзялі абутак на абцасе.

Так можна сустрэцца з сяброўкай, у кафэ пасядзець, паездзіць па справах.

Адзенне і аксесуары падабраны ў краме DeFacto.

Сумка з цікавай ручкай у тон вобразу — крыху іншае адценне карычневага ў нас на фуражцы. Сумка структураваная, жорсткай формы, і гэтаму вобразу яна дадае строгасці, робіць больш закончаным і акуратным».

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні