Проект портала
Отношения
27.01.2020 / 15:41
«Посоветовали приобрести 12 килограммов соли». Как жена помогает мужу восстанавливаться после инсульта4

Таццяна Леванкова займала кіроўчую пасаду ў адным з міністэрстваў нашай краіны. «Усё жыццё я сумленна працавала на карысць дзяржавы, — распавядае Таццяна, — і зусім не чакала, што мы сутыкнёмся з абсалютнай абыякавасцю з яе ж боку, калі мужу трэба будзе аднаўляцца пасля інсульту». Пра гісторыю сям'і піша wmeste.by.

Утульны дом сям’і Леванковых

Сяргей Леванкоў, муж Таццяны, у свой час прайшоў вайну ў Афганістане. Ён быў кіраўніком прадпрыемства «Мінскхлебпрам» пятнаццаць гадоў. Будучы актывістам, увесь час агітаваў працаўнікоў уступаць у партыю «Белая Русь». Але ў пачатку мінулага года ў канцы працоўнага дня ў яго здарыўся інсульт. Яго завезлі ў бальніцу хуткай дапамогі: дзве аперацыі, два месяцы ў рэанімацыі… Тут і пачалося тое, чаго не чакалі сужонкі, усё жыццё прапрацаваўшы на дзяржаўнай службе.

Перад сустрэчай мы працяглы час кантактавалі з Таццянай па тэлефоне. Яна адразу распавяла ўсё шчыра: дагэтуль не можа спакойна ўспрымаць тое, што яе муж раптам стаў прыкаваным да ложка і аднаўляць яго, па сутнасці, ніхто спачатку не збіраўся.

Калі я прыйшла ў госці да сям’і, то здзівілася: Сяргей сустракаў мяне на інвалідным вазку, жартаваў і знаёміў мяне з пухнатым катом Графам. Але колькі высілкаў каштуе Таццяне штодня на працягу года вяртаць Сяргея да жыцця, вядома толькі ім дваім.

Здарыўся інсульт — ляжы дома і памірай

Таццяна дагэтуль не можа звязана распавесці па парадку пра тое, што адбывалася ў першыя месяцы, калі Сяргей паралізаваны ляжаў на бальнічным ложку. Яе муж, спартсмен, лідар па жыцці — і раптам… ляжыць. Некалькі разоў пры нашай сустрэчы яна паўтарала: «Ні з партыі «Белая Русь», ні з ідэалагічнага аддзела, ні з прафкама ніхто не прыйшоў праведаць Сяргея, хаця ён заўжды быў актывістам. Прыходзяць толькі простыя людзі…»

Вычэпліваю з яе аповеда, бадай, самае галоўнае — змаганне за жыццё Сяргея пачалося з першай жа аперацыі на галаўным мозгу: «Мяне выклікалі ў рэанімацыю, паказалі здымкі, сказалі, што аперацыя была зроблена няякасна — трэба пераробліваць. Сяргею зрабілі вузкую адтуліну ў галаўным мозгу, а яна мусіла быць шырэйшая. Праз 10 дзён яму рабілі наступную аперацыю. Паміж імі яму зрабілі 8 пункцый, 12 камп’ютарных тамаграм… Доктар адмовіўся пераробліваць гэтую аперацыю. Больш за тое, магу сказаць: ён устанавіў суму. Трэба было прынесці 1000 даляраў. А калі стан Сяргея пагоршыўся, ён адышоў убок… У выніку яго прымусілі яе перарабіць, а на наступны дзень ён паляцеў у Егіпет. Каб вы разумелі, пасля другой аперацыі яшчэ частка мозгу Сяргея была адрэзана».

Эпілепсія пасля інсульту

Таццяна пераканана: Сяргей дасягнуў бы больш поспехаў у рэабілітацыі, калі ў яго не пачалася б эпілепсія: «Мы прыехалі пасля аперацый у 11-ю бальніцу, нам прапанавалі зрабіць укол, які каштаваў 600 рублёў. Мы заплацілі. Я тады яшчэ запытала, ці будуць ад яго наступствы. Мне сказалі, што ўсё будзе добра. Укол яму зрабілі. Ён выходзіць з кабінета — і атрымлівае мацнейшы прыступ эпілепсіі: зноў трапляе ў рэанімацыю, праз два дні яго проста выпісваюць, вось так, у цяжкім стане, у нікуды. З таго моманту ў яго пачаліся прыступы. Гэта пасля мне сказалі, што рана было рабіць гэты ўкол, што арганізм яшчэ не быў гатовы».

Сяргея выпісалі ў сакавіку, але толькі ў канцы красавіка прыйшлі неўролаг і рэабілітолаг. Прыйшлі, каб даць яму групу па інваліднасці. Ніякіх сродкаў рэабілітацый Таццяне не параілі: «Сёння ж ёсць шмат сучасных сродкаў, напрыклад, артэзы, якія нам былі неабходныя. Мне ніхто нічога пра гэта не сказаў. Мне сказалі набыць 12 кілаграмаў солі, каб яго ёй абкладаць. У выніку праз тое, што на першым этапе мы не рабілі ўсе неабходныя для рэабілітацыі рэчы, у Сяргея сапсаваная нага.

Я ж з самага пачатку спытала: «Якія віды дапамогі мы можам атрымаць? А мне кінулі ў адказ: «Чытайце ў Інтэрнэце». А я не магу чытаць у Інтэрнэце. Па-першае, я не ведаю, дзе чытаць. А па-другое, я была ў такім стане, што нават камп’ютар уключыць не магла.

Тое ж самае і з рэабілітацыяй. Аказваецца, па законе мы маем права на бясплатную рэабілітацыю двойчы на год, два гады запар. Мы прайшлі рэабілітацыю толькі адзін раз. І тое праз дапамогу сяброў. Аказваецца, у пратэзна-артапедычным цэнтры можна замаўляць спецыяльны абутак раз на год. Я даведалася пра гэта выпадкова».

Зараз у кватэры стаіць спецыяльны трэнажор для Сяргея. З дапамогай Таццяны і рэабілітолага Сяргей штодня на ім займаецца. Дзякуючы гэтаму ён з падтрымкай жонкі, канечне, але ж — пайшоў…

Адмовілася ад усяго дзеля мужа

Пасля выпіскі Таццяна засталася сам-насам з новым Сяргеем. Не з тым весельчаком, лідарам і спартсменам, якога яна ведала, а з прыкаваным да ложка, высахлым, з эпілептычнымі прыступамі мужам. Ёй трэба было вяртацца на працу, але, акрамя яе, даглядаць Сяргея не было каму.

«Мне адразу сказалі, што яго ніхто не здолее выхадзіць, — узгадвае Таццяна. — Ды і з ім ніхто і не хацеў сядзець, калі даведваліся, што ў яго прыступы эпілепсіі. Нам далі 1-ю бестэрміновую групу інваліднасці. Усе былі перакананыя, што ён ніколі не падымецца з ложка».

Таццяна на той момант знаходзілася на дзяржаўнай службе 19 гадоў. І яна прыняла рашэнне: сысці з працы, не дапрацаваўшы адзін год да пенсіі. Кватэру, якую будавалі 15 гадоў для дзяцей, прадалі. Таццяна кажа, што дачка сама прапанавала такі варыянт, бо іншых ашчаджэнняў на лячэнне Сяргея ў сям’і проста не было. Таццяна, напэўна, тады для сябе паставіла мэту — зрабіць усё, каб муж жыў. «Калі любіш чалавека, то па-іншаму проста не можаш», — кажа яна мне.

Аформіўшыся сядзелкай за Сяргеем, Таццяна таксама зачыніла сябе ў кватэры разам з мужам. Яна не магла выйсці, бо баялася, што ў Сяргея пачнуцца прыступы. Прадукты замаўляла праз Інтэрнэт. А калі яна сама стала шукаць сядзелку, каб здолець пайсці па доктара праз хворае сэрца, то не змагла нікога знайсці.

«Я не думала, што ў нашай краіне так кепска з гэтай сферай, — прызнаецца Таццяна. — Я ж сама сябе кепска адчувала. Я не спала па начах, таму што яго трэсла. Дачка мусіла адмовіцца ад прапановы выйсці на працу пасля дэкрэта. Зяцю прыйшлося памяняць працу дзеля нас, бо нам патрэбна была дапамога».

Даступная рэабілітацыя пасля інсульту як прыгожы міф

Пакуль Таццяна не сутыкнулася з хваробай, яна не ведала, што далёка не ўсіх пасля інсульту бяруць у рэабілітацыйны цэнтр у Аксакаўшычыне. Таццяна кажа, што калі іх выпісалі з бальніцы і калі Сяргей быў паралізаваны, то ніхто і не думаў пра яго аднаўленне. І гэты факт стаў для яе ўдарам: «Раней працавалі мы з Сяргеем вельмі шмат, у тым ліку па выхадных. І сутыкнуліся ў выніку ні з чым. Ніякай дапамогі, разумееце? Дапамагалі простыя людзі».

У рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне Сяргея проста не прынялі, адмовілі ў гаспіталізацыі з фармуліроўкай: «Рэабілітацыйны патэнцыял Леванкова, згодна з прадстаўленай медыцынскай інфармацыяй і з улікам этапнасці захворвання, у цяперашні час трэба расцэньваць як нізкі». Далей у дакуменце кажацца пра тое, што ў рэабілітацыі яму адмаўляюць. Калі класці гэта на нармальную мову, то можна зрабіць выснову, што не ўзялі Сяргея таму, што ён сам сябе не можа даглядаць. Таццяна не стала адчайвацца: паехала з Сяргеем у платны цэнтр. Яна пакідала там 85 даляраў на суткі і цэлымі днямі яго даглядала.

Але, напэўна, як няма прарока ў сваёй айчыне, так і няма ахвочых у сваёй краіне займацца рэабілітацыяй хворых пасля інсульту. Таму сям’я знайшла рэабілітацыйны цэнтр у Літве:

«Мы ехалі туды на насілках. А адтуль мы вярталіся на інвалідным вазку. І я вельмі ўдзячна ўсім, хто два месяцы займаўся рэабілітацыяй Сяргея. Мы пакінулі там каля 6 тысяч долараў. Гэтыя грошы мы гатовы былі пакінуць і ў Беларусі, але нам не далі такой магчымасці».

Калі мы вярнуліся ў Мінск, сябры паспрыялі ўсё ж таму, каб Сяргея прынялі ў Аксакаўшчыну. Але ж перад гэтым было дзве адмовы. І варта дадаць, што ўзялі ўжо не паралізаванага, а на вазку, на які яго пасадзілі літоўскія медыкі».

Таццяна была побач з Сяргеем і падчас рэабілітацыі: «Там прадугледжаны дзве жанчыны, якія б дапамагалі чалавеку схадзіць у прыбіральню і паесці. Але яны не рабілі гэтага. Я здымала пакойчык непадалёк. Прыходзіла да Сяргея а 8-й ранку, сыходзіла а 10-й вечара, ішла пешшу праз лес. У 11-ю бальніцу, дарэчы, таксама бяруць толькі тады, калі чалавек сам сябе зможа даглядаць. Але ж сэнс рэабілітацыі менавіта ў тым, каб зрабіць яго здольным абслугоўваць сябе! Гэта ж усё аднаўляецца. За мяжой аднаўляюць жа такіх людзей! А абсталяванне там фактычна такое, як і ў Аксакаўшчыне, проста падыход да людзей іншы».

Сяргея ад знешняга свету аддзяляе толькі пандус, якога… няма

Мала хто задумваецца, як гэта — знаходзіцца ў дэпрэсіі і ў замкнутай прасторы тыдзень, два, месяц… Як гэта — прагна хапаць паветра, калі цябе саджаюць і высаджваюць з сацыяльнага таксі, якое вязе цябе раз на тры месяцы на здачу аналізаў.

«Летам мы сядзелі, глядзелі ў акно і плакалі. Надвор’е добрае, а мы не можам выйсці. Скажыце, хіба гэта нармальна? Калі чалавек ляжыць штодня ў ложку, вы думаеце, яму далей хочацца жыць? У яго была вельмі глыбокая дэпрэсія. Ён плакаў, шмат плакаў, хаця заўжды быў аптымістам».

З пад’езда, у якім няма пандуса, Таццяне вывезці Сяргея нерэальна. Прытым паездкі ў паліклініку ніхто не адмяняў. Таццяна загадзя замаўляе сацыяльнае таксі, але як ёй пасадзіць у яго Сяргея? Для гэтага, у ідэале, патрэбны асобны чалавек.

«Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне такі чалавек не прадугледжаны, — кажа Таццяна. — Праблема ўсёй нашай сацыяльнай службы ў тым, што яны не працуюць з валанцёрамі, якія б якраз маглі прыехаць і дапамагчы мне спусціць Сяргея. Звычайна сядзелка ў нас — гэта сталая жанчына, якая пакорміць і прыбярэ. А чалавека трэба падняць і вынесці на вуліцу. Нядаўна я прасіла гэта зрабіць кіроўцу таксі. Але ён адмовіўся, бо яму гэта зрабіць фізічна цяжка. Я разумею яго: кіроўца зусім не абавязаны гэта рабіць.

І што я раблю ў такіх выпадках? Стаю ў пад’ездзе, чакаю, пакуль нехта пройдзе, і прашу дапамагчы. Магу выйсці на вуліцу, каб злавіць некага з бадзяг ці мясцовых алкаголікаў і папрасіць, каб яны за грошы дапамаглі.

І вось толькі зараз нам паабяцалі, што мужчына з упраўлення нам дапаможа спусціцца… Але прайшоў год. У любым выпадку паглядзім, што з гэтага выйдзе».

З просьбай усталяваць у пад’ездзе пандус Таццяна звярталася і ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна, і да намесніка старшыні Мінгарвыканкама. У адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Таццяне сказалі, што яны ўключаны ў спісы тых дамоў, дзе патрэбна ўсталёўваць пандусы. Мінгарвыканкам таксама даслаў адказ на разгляд звароту, дзе было напісана, што адрас Леванковых уключаны ў план па ўсталяванні пандусаў.

«У якія спісы? Пад якім нумарам? — абураецца Таццяна. — Каб вы разумелі, мне на гэтыя пытанні не адказалі. Ці існуе гэты спіс наогул? Я сама былы чыноўнік, таму разумею, як па законе мусяць фарміравацца спісы. І як чыноўнік я раблю выснову, што гэта фармалізм, бо інакш мне б назвалі прынамсі мой нумар у чарзе. Атрымліваецца, мы ўсё жыццё плацілі немалыя падаткі для таго, каб аднойчы пачуць, што мы ўключаны ў спіс?» Дарэчы, калі Сяргей працаваў дырэктарам прадпрыемства, то Мінгарвыканкам яго ўзнагароджваў за выдатную працу.

«Сёння ж пандусаў — на любы густ! — абураецца Таццяна. — Можна ж яго ўжо прыстасаваць да ганка!»

— Атрымліваецца, на ўсё тое, што вам адмовілі, грошы з бюджэту вылучаюцца? — пытаю ў Таццяны.

— Канечне, гэта я магу казаць з упэўненасцю. Пытанне ў наступным: куды ідуць гэтыя грошы?

Жыццё, наладжанае на змаганне

— Сумуеце зараз па вашай былой дзейнасці? — пытаю ў Таццяны.

— Сумую, канечне, — уздыхае Таццяна. — Але мая мэта — падняць Сяргея на ногі. Ён гэтага заслугоўвае. Я не магу яго кінуць. За гэты год я настолькі ад людзей адвыкла, што цяжка сябе адчуваю ў вялікай краме.

У гэты час Сяргей ужо кліча Таццяну з іншага пакоя. Яна падыходзіць да яго і просіць паказаць, як яны ўжо навучыліся хадзіць. Сяргей пачынае плакаць ад хвалявання: ён яшчэ не паказваў, як навучыўся наноў хадзіць, чужым людзям. Яны пакрысе падымаюцца, пачынаюць крочыць: «Так, давай, раз-два… — На зэдлік сядзем? — Не, Танюша…» У выніку яны сядаюць у спецыяльнае крэсла, якое перад гэтым для гаспадара вызваліў Граф.

І вось так крок за крокам робіць чалавек, якога літаральна зачынілі ў кватэры. Але яго жонка крочыць нага ў нагу побач з ім і зробіць усё дзеля таго, каб Сяргей зноўку выйшаў з пад’езда на вуліцу. І хочацца толькі нагадаць пра тое, што хваробу не запрашаюць — яна прыходзіць у дом сама, не абіраючы пры гэтым ні ўзрост, ні пасаду, ні сацыяльны статус. І хай пра гэта памятаюць тыя, хто пастаўлены, каб дапамагаць такім жа людзям, як Сяргей.

Вікторыя Чаплева, wmeste.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура