Праект партала
Тонус
29.03.2019 / 15:34
У Беларусі запускаецца футбольная ліга для дзяўчатак, маладзейшых за 13 год3

2 красавіка адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага для Беларусі спартыўнага праекту — упершыню пачне дзейнасць футбольная ліга для паненак, узрост якіх не перавышае 13 год.

Каранямі ідэя зыходзіць у 2017 год, калі FIFA звярнулася да Федэрацыі футбола Беларусі з ініцыятывай аб аказанні дапамогі ў развіцці жаночага футбола ў краіне. Бо ў нас на той час існавалі толькі нацыянальнае і моладзевае першынство. Спаборніцтвы ж для маленькіх футбалістак праводзіліся нерэгулярна і не ў вялікай колькасці. Пасля дыскусій спецыялісты прыйшлі да ідэі стварэння рэспубліканскага турніра па футболе сярод дзяўчатак у катэгорыі U-13.

У дэбютным сезоне ў «Футбольнай лізе дзяўчат» згуляе 60 калектываў з усёй Беларусі. Прычым удзел у спаборніцтвах возьмуць не толькі каманды ад ДЮСШ ці іншых спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, але таксама прадстаўніцы звычайных агульнаадукацыйных школ і фізкультурна-спартыўных клубаў пры выканкамах.

Каманды будуць падзеленыя на восем зон па тэрытарыяльным прынцыпе. Пры падзеле ўлічваліся два фактары: каб у кожнай групе была прыблізна аднолькавая колькасць калектываў і каб усе яны знаходзіліся на зручнай адлегласці адзін ад аднаго. Сістэма наступная: каманды ў красавіку-маі з’язджаюцца ў адно месца і гуляюць між сабой па двухколавай сістэме. Пераможцы васьмі рэгіянальных зон выходзяць на рэспубліканскі этап, і ў пачатку чэрвеня ў Мінску па алімпійскай сістэме вызначаць найлепшую каманду краіны.

Пры дапамозе FIFA адбыліся адмысловыя трэнерскія курсы для спецыялістаў, якія працуюць з удзельніцамі новай лігі — цягам пяці дзён эксперты міжнароднай федэрацыі павышалі кваліфікацыю трэнераў. Таксама ўсе без выключэння каманды атрымалі па дваццаць мячоў і столькі ж камплектаў гульнявой формы «Adidas»: майка, шорты, гетры, буцы і шчыткі. 

Ліга атрымае хэштэг #WOOOOW — слоган, які не толькі тлумачыць матывацыю дзеянняў, але і яднае ўсе дывізіёны, адлюстроўвае асноўную эмоцыю ад гульні. Акрамя таго, за кожнай тэрытарыяльнай зонай будзе замацаваны спартыўны апякун — футбалістка нацыянальнай зборнай. Прафесійныя спартсменкі будуць падтрымліваць дзяўчат, запісваць відэазвароты і, галоўнае, нагадваць ім, што самае першаснае ў футболе — атрыманне асалоды.

«Футбольная ліга дзяўчат» атрымае і медыяпаслоў — жанчын з розных галін дзейнасці, якія дамагліся поспехаў у Беларусі. У кожнай з амбасадарак будзе свая зона адказнасці. Напрыклад, Таццяна Лавец, адна з найлепшых трэнерак па фізпадрыхтоўцы ў краіне, распавядзе дзяўчаткам пра важнасць падрыхтоўкі да гульняў і навучыць правільнай размінцы. Вядомая беларускамоўная журналістка Адар’я Гуштын зверне ўвагу паненак на велізарнае значэнне беларускай мовы, культуры і гісторыі.

Важна падкрэсліць, што ліга будзе адукацыйна-арыентаванай. Кожны дывізіён будзе названы ў гонар выбітнай беларускі: Уршулі Радзівіл, Саламеі Пільштыновай, і гэтак далей. «Імкнёмся падкрэсліць, што беларускі футбол — павага да беларускай гісторыі, культуры, традыцый і досведу. Кожны дывізіён названы ў гонар вядомай беларускі, каб у працэсе футбольных спаборніцтваў мы маглі распавядаць пра гісторыю рэгіёна, краіны, а таксама пра тое, што важна беражліва ставіцца да тых набыткаў і гістарычнага скарбу, якім валодае Беларусь», — адзначае Юры Садоўскі, кіраўнік дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ.

Нагадаем, што прэзентацыя праекта адбудзецца 2 красавіка а 14 гадзіне на тэрыторыі культурнай прасторы «ОК16» (Мінск, вуліца Кастрычніцкая, 16).

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура