Праект партала
Гісторыі «Студэнты цікавяцца прэпаратамі для паляпшэння памяці». Фармацэўт са стажам — пра жыццё, пацешныя сітуацыі ў аптэцы і здароўе
01.09.2019 / 11:51

Аптэка «Адэль» на станцыі метро «Магілёўская» добра вядома жыхарам Заводскага раёна сталіцы. Яе загадчыца Ірына Галота штодзень гутарыць з купцамі пра каштоўнасць здароўя і лічыць што найлепшы антыдэпрэсант — іншы погляд на рэчы. Яна нават стварыла свой дзённік, дзе піша назіранні за кліентамі. Мы правялі цэлы дзень у аптэцы і даведаліся, ці працуюць чаі для пахудзення, што павінна ляжаць у дамашняй аптэчцы, як змянілася стаўленне беларусаў да свайго здароўя і як 15 сотак замяняюць фармацэўту трэнажорную залу.

«У медвучылішчы ніколі не прагульвала заняткі»

Ірына Галота

Працаваць у аптэцы Ірына хацела з дзяцінства. У вёсцы Дамаўцы Шчучынскага раёна, дзе яна расла, быў буйны лекавы саўгас. Там вырошчвалі валяр’ян, наготкі, рамонкі. Школьніцай Ірына хадзіла рукамі збіраць расліны — дапамагала саўгасу.

Муж старэйшай сястры, сувязіст, адгаворваў ісці на фармацэўтыку, пераконваў, што трэба абіраць спецыяльнасць, звязаную з сувяззю, бо за гэтым будучыня. Ірына не паслухала — пасля 8 класа падала дакументы ў Магілёўскае медвучылішча. І, хоць конкурс быў высокі, паступіла з першага разу.

— Я любіла вучыцца і ніколі не прагульвала заняткі, — дзеліцца Ірына. — Але, вядома, хадзіла і на дыскатэкі, як усе студэнты, не было такога, што з падручнікаў не вылазіла.

У Мінску па размеркаванні жанчына адпрацавала тры гады. А потым выйшла замуж за вайскоўца і паехала за ім. Год пражыла ў Асеціі, чатыры — на Урале, 18 — у Баранавічах.

У савецкі час, успамінае фармацэўтка, аптэкі былі аднолькавыя. Усе яны лічыліся вытворчымі — акрамя таго, што там прадавалі гатовыя лекі, шмат чаго выраблялі на месцы: і мазі, і свечкі, і мікстуры, і каплі.

— Цяпер такіх аптэк вельмі мала засталося. Сёння настолькі шырокі асартымент гатовай прадукцыі, што няма сэнсу займацца на месцы вытворчасцю. Раней мы нават стэрыльныя растворы для кропельніц у бальніцы гатавалі — а сёння гэта заводы робяць. У сучасных аптэках замешваюць толькі баўтушкі пры дэрматыце, каплі ў нос ці супакойлівыя мікстуры па спецыяльным рэцэпце.

У Мінск Ірына з мужам вярнулася ў 2009 годзе. Спачатку жанчына была «першастольніцай» (так фармацэўты называюць тых, хто стаіць на касе), праз год стала загадчыцай у аптэцы «Адэль». 

— Аптэка. у якой я зараз працую, знаходзiцца у пераходзе ля станцыi метро «Магiлеўская». Метро — гэта вялiкi трафiк. Сотнi людзей кожны дзень. I кожная хвiлiна — гэта новы пакупнiк, новая гiсторыя для мяне. 

«Скінуць 30 кг чай для пахудзення не дапаможа»

За той час, што Ірына ў аптэчнай справе, многае змянілася.

— Раней людзі ішлі выключна па лекі па рэцэпце і нашай асноўнай задачай было дапамагчы пазбавіцца ад хваробы. Цяпер жа больш увагі надаюць прафілактыцы, знешняму выгляду. Гэта больш глыбокая і цікавая работа. Попытам карыстаюцца біялагічна актыўныя дабаўкі, касметыка. Шмат моладзі заходзіць. Асабліва калі сэсіі ці ўступныя іспыты — цікавяцца прэпаратамі для паляпшэння памяці.

Пакупнік стаў больш патрабавальным і адукаваным. Сёння мы адчуваем адказнасць за сваё здароўе. У мінулым жа мы часта былі схільныя перакладаць яе на штосьці ці кагосьці.

У жанчын попытам карыстаюцца эфірныя алеі, маскі для твару, чаі для пахудзення. Апошнія, тлумачыць фармацэўтка, ёсць сэнс піць, толькі калі трэба скінуць пару кілаграмаў да лета. Калі ваша мэта — мінус 30 кг, то мы раiм зваярнуцца да больш сiстэмнага падхода і экалагiчнага вобразу жыцця. Правiльнае харчаванне, рух, асабiстае развiцце — аснова для пахудзення незалежна ад узроста i iншых фактараў, 

— Я сама люблю фізічнай культурай пазаймацца, у вольны час практыкаванні парабіць. Хачу заўсёды быць у добрай форме, — усміхаецца жанчына.

Наплыў кліентаў у аптэцы — з 7 да 9 раніцы і прыканцы працоўнага дня. але праца правiзара і фармацэўта не спыняецца у адсутнасцi наведвальнiкаў. Трэба сачыць за наяўнасцю тавараў на полках, замовіць новы тавар, прааналiзаваць попыт пакупнікоў. На паліцах мусіць быць ідэальны парадак.

— Тут мазі гарманальныя, тут растворы для вонкавага прымянення, тут каплі для вачэй, — паказвае Ірына.

Попыт у аптэцы залежыць ад сезоннасці. З красавіка-мая пачынаюць цікавіцца спрэямі супраць камароў, улетку разбіраюць сонцаахоўныя сродкі і для загару. Цяпер дзеці з летнікаў і ад бабуль-дзядуль вяртаюцца. Перад школай і садком бацькі часта праводзяць малым прафілактыку глістоў. Мы таксама звяртаем увагу на падтрымку нярвовай сiстэмы вучняў i прапануем вiтамiны, якiя дапамогуць справіцца са стрэсам ды перайсцi на новы рэжым. А з верасня ўжо будзе расці попыт на лекі ад прастуды.

— Заяўку карэктуем штодня. Я бачу па рэалізацыі, што рухаецца хутчэй, і адпаведна павялічваю гэты асартымент, — кажа Ірына.

Расшыфраваць почырк дактароў? Лёгка! Хоць бываюць безнадзейныя выпадкі. Пакупнікі тады прызнаюцца: вы ўжо пятая аптэка, і ніхто прачытаць рэцэпт не можа.

Пастаянных кліентаў тут хапае.

— Ёсць адзін дзядуля, які раз на месяц ходзіць выключна ў нашу аптэку. Кажа: давяраю толькі вам. Вельмі прыемна, калі такое здараецца.

«Так і скажу: лекаў «Пардон» няма»

Цікавімся, што ў фармацэўткі ляжыць у дамашняй аптэчцы.

— Цяпер — супрацьгіпертанічны прэпарат: бываюць праблемы з ціскам. А наогул у кожным доме павінны быць супрацьалергічныя сродкі. Таксама трэба мець у аптэчцы абязбольвальныя, перавязачныя матэрыялы.

За доугую працу былi, вядома, i выпадкi, якiя зараз вызываюць усмешку. 

— Яшчэ калі я ў Баранавічах працавала, прыйшла ў аптэку жанчына з некалькімі рэцэптамі. Я перабіраю іх і адзначаю: гэта ёсць, гэта ёсць, ой, пардон, гэтага няма. А яна: добра, дзетачка, так і скажу, што лекаў «Пардон» няма, — успамінае Ірына.

«Я стараюся паказаць, што стэрэатыпы пра ўзрост зусім неактуальныя»

З працоўных пытанняў пераключаемся на размовы пра стыль жыцця. Вольны час Ірына любіць праводзіць з унукамі — іх у яе чацвёра. Па выходных ездзіць у домік на вёску.

— Я ад яго ў захапленні! У мяне пытаюць: а дзе вы адпачывалі? У Крываполлі, 35 км ад Мінска. Я адна на 15 сотак, а хочацца, каб усё было прыгожа — і кветкі пасадзіць, і маленькі агародзік. У мяне ёсць нават электрапіла — дровы пілую сама! Але я ў вёсцы расслабляюся цалкам.

Штодзень жанчына ўдзяляе не менш за гадзіну шпацыру па свежым паветры. З гэтым правілам яна жыве ўжо многія гады. Менавіта яно дапамае захоўваць добрую фізічную форму і пазбаўляцца ад стрэсу.

— Неабавязкова мець шмат грошай, каб быць шчаслівай. Дастаткова выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія ёсць побач, — лічыць суразмоўніца.

Ірына — аматар падарожжаў. Любіць горы і цэніць любую магчымасць пабываць на прыродзе. Нядаўна ездзіла ў Стакгольм — у Швецыi жыве адна з яе дачок. Калі фармацэўтка бывае ў іншых краінах, заўсёды фатаграфуецца ў аптэках. У яе альбоме ёсць здымкі са Швецыі, Літвы, Славеніі.

— З Кіпра прыехала і дзяўчатам кажу: вось гэта аптэка будучыні. Там прадаюць усё — ад туалетнай паперы да парашкоў, — расказвае Ірына.

І разважае, што калі крамы без касіраў — звыклая з’ява ў Еўропе, то аптэку без фармацэўта ўявіць немагчыма. Вітаміны ці касметыку пакупнік зможа сабе выбраць, але ў медыкаментах без дапамогі спецыяліста не зарыентуецца.

— Я назіраю не толькі за афармленнем аптэк і працай замежных калег, але яшчэ і за пакупнікамі. Часта заўважаю ў Еўропе ля прылаўкаў з аптэчнай касметыкай і БАДамі жанчын старэйшага ўзросту. Яны клапоцяцца пра свой знешні выгляд і стыль. Мне падабаецца іх стаўленне да сябе і да жыцця. На жаль, пасля ўступлення ў сталы век многія нашы дамы пачынаюць лічыць сябе старымі. Шмат стэрэатыпаў існуе ў нашым грамадстве наконт жанчын маіх гадоў. На сваім прыкладзе я стараюся паказаць пакупнікам, што гэтыя стэрэатыпы зусім неактуальныя.

Любы ўзрост — гэта і перашкоды, і магчымасці. Іх проста трэба ўмець бачыць. Бадай, гэта асноўнае пажаданне ў адрас маіх наведвальнікаў — умець бачыць сваю прыгажосць і быць актыўнымі ў любым узросце.

Пра выбар прафесіі Ірына ніколі не шкадавала.

— Я шчаслівая. Вось задаюць пытанне: ці паступілі б вы гэтаксама, калі б пачалі ўсё наноў? Так, не задумваючыся.

5 правіл фармацэўта:

  1. Не журыцца і імкнуцца глядзець на жыццё з розных бакоў.
  2. Больш рухацца і бываць на прыродзе. Няхай і простае правіла, але спытайце сябе: як часта вы гуляеце?
  3. Мець у аптэчцы не толькі лекі, але і карысныя чаі, прафілактычныя сродкі, вітаміны — тое, што дапаможа пазбегнуць захворванняў.
  4. Заўсёды быць прыгожымі. Незалежна ад узросту, збірайцеся на працу так, каб падабацца сабе. Гэта дасць цудоўны зарад станоўчых эмоцый — а менавіта яны граюць важную ролю у стане здароўя чалавека.
  5. Любіце тое, што робіце, і цаніце сваю працу.

Наталля Лубнеўская, фота Волі Афіцэравай і з архіву гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні