Праект партала
Накіпела Легендарная гімнастка Вольга Корбут: Мяне згвалтаваў трэнер перад Алімпіядай. Кныш: Корбут — дура дурай65
03.04.2018 / 16:17

Легендарная гімнастка Вольга Корбут у перадачы «Няхай гавораць» на расійскім Першым канале ўзняла тэму дамагальніцтваў і гвалту з боку яе трэнера Рэнальда Кныша.

«Не ведаю, як гэта назваць па-руску. Molesting… дамаганні. У выніку перад Алімпійскімі гульнямі ў Мюнхене ён мяне проста згвалціў. Гэта праўда. Я жыву з гэтым. Гэта вельмі цяжка. Я хавала гэта ўсё. Гэта было вельмі сорамна. Мне нават табе было сорамна казаць (звяртаецца да былога мужа Леаніда Барткевіча). Гэта адбылося ў Мінску ў гасцініцы «Юбілейная». Проста перад Алімпійскімі гульнямі, калі мне споўнілася 17 гадоў», — сказала Корбут.

Цяпер Вольга Корбут жыве ў амерыканскім штаце Арызона, размаўляе з заўважным акцэнтам.

Мы звязаліся з 86-гадовым Рэнальдам Кнышам, які цяпер жыве ў Гродне, каб пачуць яго версію тых падзей. «Хваліцца няма чым», — расказаў пра сваё здароўе Рэнальд Іванавіч.

«Ідыятызм самы сапраўдны! Вырашыла падняць рэйтынг сабе, бо пра яе перасталі гаварыць апошнім часам. Чым падняць? Давай я прыніжу трэнера такім чынам. На ўвесь свет падыму размовы пра сябе. Няўжо я перад Алімпійскімі гульнямі, калі я ёй сем гадоў жыцця аддаў, вазьму ды сапсую ўсё? Гэта чорт ведае што. Думкі ў галаве такой няма. Цяпер увогуле стала модна абвінавачваць людзей у згавалтаваннях, Віталіка Шчэрбу вось абвінавацілі», — кажа Кныш.

Калі адносіны настаўніка і вучаніцы сапсаваліся?

«У 1970-х яна перастала трэніравацца, маўляў, я і так выступлю і ўсё будзе добра. Таму другія Алімпійскія гульні яна праваліла. Я бачыў, што яна не хоча трэніравацца, таму я не стаў яе рыхтаваць. Тады з ёй Тамара Аляксеева паехала, мая былая жонка».

Ці ўжываў Кныш супраць Корбут фізічную сілу, пра што таксама казала гімнастка.

«Ды ну што вы! Калі яна не хацела трэніравацца, то ўгаворваў яе, шакаладкі насіў, пераконваў, што яна самая лепшая спартсменка ў свеце. І ўсё адно нічога не атрымлівалася. Думаю, дай зраблю, каб яна хоць на злосць мне пачала трэніравацца. Я ёй тады аплявуху даў. Пасля гэтага цалкам аддаў Вольгу трэнеру Аляксеевай. Расказаў, як трэніраваць, што рабіць. Гэта быў адзіны пляскач за жыццё», — расказвае настаўнік.

А ці былі ўвогуле ў гімнастыцы выпадкі згвалтаванняў, пра якія было вядома ўсім? «Бывалі такія выпадкі, нешта чуў… — кажа Кныш, але працягваць не хоча. — Яна ў сваёй кнізе пісала, што ў яе было 23 пераломы і 4 страсенні мозгу. Калі табе трэніравацца было, калі столькі траўмаў!»

У чым спецыфіка працы з маладымі дзяўчынкамі? «З дзяўчынкамі цяжка, канечне. Яны хочуць, каб трэнер толькі на іх звяртаў увагу. Адна да другой раўнуюць. Ага, ён на яе больш паглядзеў, тады я трэніравацца не буду, на злосць не буду. І не толькі ў трэнераў-мужчын такое, але і ў жанчын. У маёй жонкі цяпер дзве найлепшыя ў рэспубліцы дзяўчынкі, дык кажа, што як толькі з адной пачынаеш трошачку больш займацца, то другая перастае».

Таксама мы паразмаўлялі з Вольгай Кныш, жонкай Рэнальда пра тое, ці верыць яна ў гэтыя абвінавачванні.

«Адзін плавае ў крынічнай вадзе, а другі ў памыях плёскаецца. Я з Корбут разам трэніравалася. Калі мне споўнілася 16, то бацькі падарылі гадзіннік, як я рада была! У першы ж дзень, як толькі я прыйшла на трэніроўку, Корбут у мяне яго скрала. Потым яго мне вярнулі, справу замялі, бо Корбут была чэмпіёнкай рэспублікі. Калі трэнер адпрацаваў з вучаніцай 6-7 гадоў, а яна аказваецца дзярмом, вельмі цяжка кінуць і пачаць наноў», — кажа спадарыня Вольга.

«Я не магу сказаць, што мне прыемна ўсё гэта чуць, але чаму я павінна верыць гэтаму? Я столькі гадоў з ім разам, калі ўсё гэта адбывалася, то мы з Рэнальдам былі разам. У Рэнальда праз усю яго педагогіку чырвонай ніткай ідзе галоўная думка: стварыць вучню творчы настрой, каб ён станавіўся геніяльным. І я цяпер гэтым карыстаюся.

Я пагладжу, памацаю, пашлёпаю. Давай-давай, падыму. Але калі гэта мужчына робіць, то мо гэта і па-іншаму ўспрымаецца.

У мяне было шмат непрыемнасцяў, што я сюсюкаюся з дзецьмі. І Рэнальд рабіў так жа: пераконваў, падбадзёрваў, ніколі не абражаў, не біў. У той час у СССР вельмі часта выкарыстоўвалася рукапрыкладства. Я сама, калі пачынала працаваць, адзін-два плескачы дала, дык ён мне мазгі ставіў на месца: «Як ты можаш! Як табе не сорамна! Малое безабароннае дзіцё». Тры разы ён мне зрабіў заўвагу і пасля гэтага я перастала такое практыкаваць цалкам».

Закранула Вольга Кныш і пытанне Віталя Шчэрбы, якога абвінаваціла ў згвалтаванні ўкраінская гімнастка Таццяна Гуцу. «Гуцу — дурніца. Яна ўсё жыццё была авантурысткай. Я добра ведаю Шчэрбу, ён можа троху рэзкаваты і хамаваты, але ён разумны і прыстойны хлопец. Усё, што яна пляце, гэта 100%-ная лухта. Людзі проста хочуць увагі».

Напрыканцы размовы Рэнальд Кныш падзяліўся сакрэтамі сваёй працы.

«У мяне два правілы: 1. Чалавек у стане натхнення становіцца геніяльным; 2. Рабская праца не прадукцыйная. Трэнеры, якія прытрымліваліся гэтых правілаў, рабілі алімпійскіх чэмпіёнаў».

«Калі шмат хваліць, то з часам вырастаюць хамы. Яны вераць, што самыя разумныя, прыгожыя, таленавітыя. Корбут так і зрабіла. А яна была лянівая і дурная. Вось і застаецца цяпер дура дурай», — скончыў размову Рэнальд Іванавіч.

Зміцер Панкавец

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні