Праект партала
Стасункі
10.06.2020 / 19:56
«У вачах жанчын я цяпер адзіночка з прычэпам». Гісторыя бацькі, які выйграў суд, каб дзеці жылі з ім16

Пасля разводу дзеці часцей застаюцца з маці. У выпадку Сцяпана Кульчанкі суд вырашыў інакш. З бацькам жывуць двое падлеткаў. «Я сябе заўсёды рыхтаваў да ролі здабытчыка. Але тут апынуўся ў становішчы, калі я і здабытчык, і захавальнік ачага», — жартуе Сцяпан. Ён шчыра расказаў, як праходзілі суды, ці спраўляецца з выхаваннем і чаму мужчыну з дзецьмі можна забыць пра асабістае жыццё.

«Фінансава жонка выглядала лепш, але суд прыслухаўся да жадання дзяцей»

Сцяпан жыве ў Мар’інай Горцы, працуе маркетолагам. Яго сыну Мікіту 11 год, дачцэ Сафіі — 13. Апошнія тры гады дзеці жывуць з ім.

«Пра сітуацыю з разводам расказваць не буду, гэта з майго боку няправільна. Я наогул не люблю сямейныя драмы, — тлумачыць ён. — Так атрымалася, што я сышоў з сям’і і праз нейкі час дзеці папрасіліся жыць са мной. Першым прыйшоў сын, потым дачка».

Жонка Сцяпана хацела, каб дзеці заставаліся з ёй, таму пытанне давялося вырашаць праз суд. Пасяджэнні па сыне цягнуліся тры месяцы (наконт пражывання дачкі таксама мусіў адбыцца суд, але ў выніку пара змагла дамовіцца мірна).

«Мне пашанцавала, — лічыць мужчына. — Я думаў, што рашэнне не будзе на маю карысць, бо практычна паўсюль — у органах апекі, школе, судах — жанчыны.

Не буду хаваць, першапачаткова я паддаўся эмоцыям. Калі пісаў заяву, указаў недахопы жонкі. Але, думаю, у нашым выпадку суд і камісія прыслухаліся да жадання дзяцей. Я не цягнуў коўдру на сябе, не заяўляў, што не аддам малых. Яны самі прымалі рашэнне, дзе ім лепш».

Сцяпан прызнаецца, што ў побытавым плане пераваг у яго не было. На той момант ён нават не быў афіцыйна ўладкаваны, працаваў фрылансерам.

«Фінансава мая былая жонка выглядала лепш. Яна з чыноўнікам пачала жыць, сама стала ідэалогам на прадпрыемстве. Я непакоіўся, што яны могуць скарыстацца адміністрацыйным рэсурсам — у жонкі былі такія магчымасці». 

Бацька расказвае, што доўга працаваў дыстанцыйна, праводзіў з дзецьмі шмат часу — магчыма, таму яны і захацелі жыць з ім.

«У нас былі сяброўскія адносіны. З дачкой мы пастаянна размаўлялі пра яе планы, інтарэсы. Для сына, верагодна, я стаў аўтарытэтам», — дзеліцца ён.

Маці бачыцца з дзецьмі некалькі разоў на тыдзень — яна жыве ў 15 хвілінах хады. Суд зацвердзіў графік наведванняў, але на практыцы сустрэчы адбываюцца ў розны час. Сцяпан не супраць, ён стараецца не ўмешвацца ў адносіны дачкі і сына з маці.

«Я не магу зразумець, калі дзецям забараняюць сустракацца з кімсьці з бацькоў. Мы не маем права казаць ім, што іх тата ці мама дрэнныя. Гэта дзецям вырашаць. З улікам мінулага мне цяжка знаходзіцца побач з жонкай, балюча ад таго следу, што яна пакінула. Але гэта тычыцца толькі мяне. А пазбаўляць дзяцей маці — няправільна.

Нават калі хтосьці не плаціць аліменты — гэта не падстава адмаўляць у сустрэчах. Час у нас такі, людзі часта і разыходзяцца праз матэрыяльныя цяжкасці».

«Жанчыны ў бытавым плане больш стойкія»

Бацька расказвае пра дзяцей. Сын — дамасед, любіць пагуляцца — у гэтым узросце хлопчыкам яшчэ цікавыя цацкі і супергероі. Дачка кнігалюб, вучыць ангельскую мову — у яе мара пажыць у Нью-Ёрку. Пасля 9 класа збіраецца паступаць у Ліцэй БДУ.

«Я, канечне, спрабую не пярэчыць яе інтарэсам наконт моды, адзення. Мы едзем у краму закупляцца, я кажу: выбірай, што ты хочаш. Стараюся дачку не балаваць, але і каб ёй было не сорамна выйсці на вуліцу. Калі ёй трэба планшэт для вучобы — чаму не?

Неяк яна вырашыла пафарбаваць валасы ў сіні колер. Я пачаў угаворваць: давай хаця б не ў школьны перыяд, да лета пачакаем, а там ты, можа, сама ўжо перадумаеш. Спрабую у нейкім сэнсе хітрыць, бо катэгарычная забарона будзе выклікаць толькі большае жаданне».

Сцяпан смяецца, што яго будні амаль такія ж, як у маці-адзіночкі. Прыгатаваць паесці, закінуць рэчы ў пральную машыну, праверыць, ці зробленыя ўрокі. 

«Дзеці самі за сабой прыбіраюць. Я неяк сказаў, што хацеў бы дапамогу ад іх бачыць, і яны пачулі. Мы аматары чысціні і ўтульнасці.

Што да гатоўкі, то яшчэ ў сям’і за мной былі сняданкі і, калі жонка затрымлівалася, вячэры.

Канечне, нагрузка вырасла, цяжка. Напэўна, жанчыны ў бытавым плане нашмат больш стойкія. Яны малайцы».

«На аліменты не стаў падаваць — магу сам забяспечыць»

Адна са складанасцяў, з якімі сутыкнуўся Сцяпан, — працаўладкаванне. Наймальнікі адмаўлялі, калі даведваліся пра дзяцей за спінай.

«Адкрыта мне прычыну не называлі. Я прыносіў сваё рэзюмэ, мяне быццам бралі, а потым пыталіся: ці вы здольныя ездзіць у камандзіроўкі? Кажу: не заўсёды, бо са мной дзеці жывуць. «Мы вам патэлефануем», — стандартны быў адказ.

І толькі праз год я афіцыйна ўладкаваўся ў кампанію. Я спачатку для іх працаваў фрылансерам, і там пабачылі, што праблем з выкананнем задач няма».

Тых, хто хоча адсудзіць дзяцей, толькі каб адпомсціць былой жонцы, мужчына папярэджвае: ці гатовыя вы несці адказнасць за іх? Не год і не два — а пакуль дзеці не пачнуць жыць самастойна.

«Я нясу адказнасць за тое, каб слова «сям’я» ў іх не выклікала страху, каб пасля яны не баяліся стварыць уласную. Бывае ж, што дачка да самай старасці жыве адна са сваёй маці. Ці сын становіцца падабцаснікам, бо маці яго заўсёды штурхала і папракала, што ён падобны да бацькі».

Сцяпан прызнаецца: можна паставіць крыж на асабістым жыцці. 

«Жанчыны, асабліва ў маім узросце, не шукаюць сабе новых праблем. Знаёмы мне сказаў: быў бы ты алкаголікам, не бачыў сваіх дзяцей гадамі, ты б больш пасаваў, бо ў цябе не было б «прычэпу».

Вось я цяпер адзіночка з «прычэпам», — смяецца. — Я ні пра што не шкадую, проста канстатую».

На аліменты мужчына не падаваў. Апроч асноўнай працы, у яго ёсць яшчэ дзве дадатковыя.

«Ведаеце, у мяне менавіта жанчыны пыталіся, чаму я не стаў падаваць на аліменты. Гэта, напэўна, мужчынскі ўчынак. Нават калі б былі фінансавыя цяжкасці, мне было б складана прасіць аліменты. Мая жонка таксама дзецям купляе нешта. Дый што грошы даюць? Больш важная ўвага: лепш няхай жонка з дзецьмі ў кіно ці кафэ сходзіць — гэта нашмат больш каштоўна. А грошы — пакуль я здаровы, ёсць сілы, я магу дзяцей забяспечыць».

«У многіх бацькоў, якія разыходзяцца, ёсць памылка — яны пачынаюць усё дзяліць»

За барацьбой, якая часам разгараецца ў судзе паміж былымі мужамі і жонкамі, Сцяпану непрыемна назіраць.

«У многіх бацькоў, якія разыходзяцца, ёсць такая памылка — яны пачынаюць усё дзяліць: тэлевізар, машыну… Звярнуў увагу, што часта бацькі нават да дзяцей ставяцца як да нейкіх нажытых прадметаў, цягнуць, як цацку, у розныя бакі. У такіх сітуацыях прасочваюцца амбіцыі бацькоў, ніхто не пытае ў дзіцяці, як яму лепш».

Бацька цяпер па сабе ведае, як цяжка перастройвацца і выконваць «жаночую» функцыю. 

«Кожны дзень ты павінен знаходзіцца з дзіцем, размаўляць з ім. Ці змогуць мужчыны з катэгорыі «канапныя гаспадары» — якія прыйшлі з працы, паелі і перад тэлевізарам заваліліся — пацягнуць гэтую ролю? Я сумняюся.

Калі нехта з бацькоў лічыць, што дзіцяці з ім будзе лепш, і дзіця з гэтым згоднае, то ніводзін суд іншага рашэння не прыме. А калі суд памыліўся, гэта не значыць, што трэба бразнуць дзвярыма і з’ехаць. Ці многія бацькі і маці бачацца пасля з дзецьмі, якіх так хацелі забраць? Магу даць гарантыю, што яны потым проста не прымаюць удзелу ў жыцці малых».

Наталля Лубнеўская, фота з архіва героя

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура