Праект партала
Гісторыі
26.03.2020 / 14:37
«Пасля трох дзён на вадзе не магла ўстаць з ложка». Дзяўчаты, якія пасцяцца, — пра рацыён, абмежаванні і працу над сабой9

Адмова ад мяса і малака, ніякай музыкі і доступу ў інтэрнэт. Хрысціянкі розных канфесій, якія пасцяцца, расказалі, як змяняецца іх рацыён, ці можна ў пост хадзіць у рэстараны і на канцэрты і што ім дае такое выпрабаванне.

«Бацькам здавалася, што гэта экстрэмізм»

Ганна Арановіч

25 год, праваслаўная

Пасціцца я пачала з гадоў 10. У мяне ў школе была сяброўка, у якой вельмі веруючая сям’я: мы пасля ўрокаў збіраліся, і яна расказвала свае гісторыі. Тады я пачала больш пра веру даведвацца. А яшчэ я жыла побач з гандлёвым цэнтрам «Аэрадромны», дзе была царкоўная лаўка. Мы хадзілі туды з дзяўчатамі, праводзілі там шмат часу, кнігі чыталі. 

Бацькі, канечне, да гэтага ўсяго паставіліся з вялікім пытаннем, бо не разумелі, адкуль такі інтарэс узяўся. Ім здавалася, што гэта экстрэмізм. І калі я зразумела, што ў поўнай уладзе бацькоў і ўсё можа негатыўна скончыцца, то не стала так яўна праяўляць свой запал да посту. Напрыклад, магла хаваць, што не з’ела марозіва, і выкінуць яго, каб бацькі не падумалі, што ў мяне штосьці не так з псіхікай.

Пасціцца трэба ў меру сваіх магчымасцяў. Я адмаўляюся ад мяса, малочных прадуктаў (і ўсяго, што ўтрымлівае малако), яек, алкаголю. Дыета цалкам выглядае як веганская. Соевае мяса я не ем. Стараюся ў рацыён уключаць больш зеляніны, гародніны, бабовых. Усё тое, што магло б даць паболей пажыўных рэчываў і вітамінаў.

Заўсёды цяжка на пачатку посту. Здаецца, вось бы цяпер можна было зрабіць пасту ці выпіць віно з сырам… Але калі на працягу посту не хадзіць па мясных аддзелах, рэстаранах і не спакушаць сябе, то не сумуеш па прадуктах. Калі ад чагосьці адмаўляешся на працягу доўгага часу, проста да гэтага звыкаеш.

Пост у сябе ўключае не толькі ежу, але і вялікую працу над сабой. Яна заключаецца ў тым, каб у духоўным плане сябе абмежаваць. Цяпер праз каранавірус вельмі проста ад залішняга адмовіцца (усміхаецца).

Я стараюся трымаць баланс. Калі ў кагосьці з сям’і дзень народзінаў, я іду на яго, каб правесці час з блізкімі (падтрымліваць чалавечыя стасункі — гэта таксама частка посту). А ем тое, што дазволена, — бульбу, напрыклад. У кінатэатры, кафэ стараюся выбірацца паменей. Але каб выключаць гэта на 100%, то не.

Мой муж — католік, але мы прытрымліваемся праваслаўнага посту: ён больш строгі. Мы вырашылі так зрабіць, бо цяжка, калі адзін пасціцца, а другі не. Стараемся ўспрымаць пост як ачышчальнае мерапрыемства для цела і душы.

Бацькі ўжо змірыліся (усміхаецца). Калі мне было гадоў 15-16, яны пачалі гэта прымаць. Калі я жыла з бацькамі, у асноўным гатавала мама, і яна ведала, што ў посныя дні ў мяне іншыя стравы. Праўда, яны спачатку крыху здзівіліся, што і мой муж будзе пасціцца, але не бачаць у гэтым нічога дрэннага.

Што да астатніх, то доўгі час я наогул нікому не прызнавалася, што пашчуся. Мне прасцей было сказаць, што я штосьці не ем, не люблю, што я веган. І працягвалася гэта год да 20.

Паколькі я ў сабе гэта ўсё трымала, не было з кім падзяліцца. Але потым пакрысе пачала адкрывацца. Памятаю, як адной сяброўцы расказала пра пост. І гэта было такое адкрыццё — даведацца, што нехта таксама пасціцца. Глядзім адна на адну: нармальныя дзяўчаты. Цяпер, калі ў мяне пытаюцца, чаму я нешта не ем, тлумачу, што гэта пост. У нейкі момант я зразумела, што казаць пра гэта не толькі не сорамна — так я паказваю, да чаго належу, які ў мяне лад жыцця.

Любімыя посныя прадукты — хумус і авакада. Ёсць знакаміты амерыканскі пірог crazy cake, які пяклі ў 1930-я гады, калі была жудасная рэцэсія і не было асабліва грошай. Ён складаецца цалкам з посных інгрыдыентаў: какава, цукар, мука, раслінны алей. Гэта вельмі смачна. Наогул цяпер у інтэрнэце куча ўсяго. Я калі нешта люблю ў няпосным жыцці, проста гуглю такі ж рэцэпт па-веганску. Нядаўна рабіла веганскую шарлотку — нядрэнна!

Мне здаецца, самая вялікая праца — гэта якраз над душой. У гэтыя дні я стараюся больш маліцца. Ёсць такі дадатак, называецца The Holy Bible, і там шмат цікавых чытанняў, пытанняў, выразак з апостальскіх пасланняў. 

Ёсць яшчэ традыцыя ў мужавай сям’і і не толькі ў пост: усе па нядзелях збіраюцца за малітвай і пасля абмяркоўваюць праблемы, недасказанасці, якія ўзніклі за тыдзень, просяць прабачэння. Мы ў сваёй сям’і таксама вырашылі гэта працягнуць — вельмі карысна.

Я лічу, што пост неабходны для выратавання душы. Ён стаў ладам жыцця. Для мяне не пасціцца было б дзіўна, я ўжо так запраграмавана. Пост — гэта і паслушэнства, і вучэнне, і магчымасць кантролю над сабой. І заўсёды вельмі прыемна, калі пасля пасхальнай службы можна з’есці штосьці забароненае (усміхаецца). Усё становіцца больш салодкім: той жа глазіраваны сырок дастаўляе асаблівую радасць. 

«Дзяцей у пост абмяжоўваем у колькасці мульцікаў»

Яўгенія Дайлідзёнак 

32 гады, праваслаўная

Ужо 10 год я прытрымліваюся праваслаўнага посту з перапынкамі на цяжарнасць і грудное гадаванне. Першы раз быў на пятым курсе ўніверсітэта, тады я была актывісткай Моладзевага праваслаўнага брацтва. Пачынаўся Вялікі пост, і ўсе мае сябры збіраліся яго прытрымлівацца. Гэта надавала ўпэўненнасці, што і я змагу, і для мяне гэта неабходна. Першы пост прайшоў даволі лёгка (мае сябры шмат распавядалі пра ежу, пра малітвы, набажэнствы і ўсяляк падтрымлівалі), і гэта быў даволі файны вопыт, таму з тых часоў я стала трымаць усе пасты праваслаўнага календара па мажлівасці. 

Я праваслаўная, таму правілы посту з усіх вядомых мне канфесій самыя строгія. Напрыклад, у Вялікі пост, што зараз ідзе, мы не ўжываем мяса, малочныя прадукты, яйкі. Рыбу можна толькі два пэўныя дні за ўсе 48 дзён.

Таксама павялічваецца колькасць набажэнстваў, якія пажаданна наведваць. Трэба больш пільна сачыць за сваімі паводзінамі, учынкамі і думкамі. Гэта нашмат важней за харчовую частку посту і нашмат цяжэй. 

Зараз наша сям’я складаецца з чатырох чалавек: я, муж і сыны (5 і 2 гады). Дзеці пакуль малыя, таму яны абмежаваны толькі ў колькасці мульцікаў. Рацыён у іх, як і звычайна. Мы з мужам ядзім шмат арэхаў, сухафруктаў, круп, сваёй гародніны — замарожанай і закансерваванай.

Мы жывём у вёсцы, таму вырашаць гэтае пытанне нашмат прасцей, чым гараджанам. Затое ў нас няма мажлівасці набываць нейкія веганскія далікатэсы кшталту насення чыа ці каўбасы з соі. Але існуе шмат посных і смачных рэцэптаў. Тыдзень таму, на дзень нараджэння мужа, я гатавала посны торт — атрымаўся не горшы за звычайны. Пакуль я у дэкрэтным адпачынку мне прасцей таксама пастаяць каля пліты і прыгатаваць нешта смачнае. Мяркую, калі выйду на працу, з гэтым пытаннем стане крыху складаней. 

Вядома, што на працягу посту хочацца забароненых прадуктаў, але, як паказвае вопыт, калі сарвешся і з’ясі нешта са скаромнага, вялікага задавальнення не адчуеш, а будзеш думаць пра сябе: эх, слабак ты! (усміхаецца.

Падчас посту мы абмяжоўваем колькаць забаўляльнага кантэнту, што глядзім праз інтэрнэт. Телэвізара ў нас увогуле няма і не было. У госці ходзім, але пераважна да сваіх, хто таксама прытрымліваецца посту, таму проста пасядзець, папіць гарбаты ў нашым выпадку дапушчальна. Мы не вялікія фанаты культурна-масавых мерапрыемстваў увогуле, але ў пост стараемся зусім іх не наведваць. 

Так склалася, што наша кола знаёмых, якія прытрымліваюцца посту, даволі шырокае, таму непаразуменняў з боку сяброў амаль што няма. Шмат хто з павагай да гэтага адносіцца. На Глыбоччыне даволі шмат веруючых, таму больш здзіўляюцца, што ты такі малады, а ўжо прытрымліваешся посту, чым самому факту абмежаванняў.

Вакол мяне ўсё болей моладзі і людзей сталага ўзросту пачынаюць хоць часткова пасціцца. Калі ты вясёлы, бадзёры і з аптымізмам рассказваеш пра свой вопыт, то і людзі побач таксама пачынаюць думаць: а ці не паспрабавь і мне. Вялікая справа, што мы пасцім усёй сям’ёй. Калі, напрыклад, у сям’і пасціць адна маці, гэта вельмі складана для яе. 

Пост для мяне — мажліваць стаць крыху лепей, барацьба са сваімі грахамі і недахопамі. Менавіта пост дае шмат інструментаў для гэтага. Але працаваць над сваімі душэўнымі якасцямі цяжка — застаецца толькі спадзявацца на міласць Бога.

У пост пажадана не забываць рабiць добрыя ўчынкі i надзяляць больш увагi дабрачыннасцi. Заўсёды ёсць тыя, каму патрэбна твая дапамога.

Як вынiк магу сказаць, што трымаць пост гастранамiчны мне не так ужо i цяжка, нават сумую, калi няма такой магчымасці. Ды гэта i не самае галоўнае. А вось больш бываць у храме, малiцца i працаваць над сабой, як над сапраудным хрысцiянiнам, — гэта важна!

«Адмаўляюся ад музыкі, плюс ніякіх кафэ і рэстаранаў»

Елізавета Граковіч

22 гады, каталічка

Я з дзяцінства хаджу ў касцёл. Прыступіла да першай святой камуніі, сакрамэнту бежмавання — гэта калі ты дакладна ўсведамляеш, што з’яўляешся каталіком, і бярэш другое імя (у мяне — Альжбета). У дзяцінстве на час посту абавязкова быў сціплы рацыён па пятніцах, імша па нядзелях, плюс добрыя ўчынкі — памыць посуд і г. д.

Ужо ў 10-11 класах я адмаўлялася ад мясных страваў і гучных забаваў. Больш часу прысвячала малітве. А ва ўніверсітэце падпісалася ў інстаграме на ксяндза, які вёў прамыя эфіры падчас Вялікага посту і любы ахвотны мог з ім маліцца. І мы кожны дзень а 15 гадзіне далучаліся. Калі ў гэты час былі пары і маліцца не атрымлівалася, я пасля пераглядала захаваны запіс эфіру. 

Калі казаць пра гастранамічныя абмежаванні, то каталікі прытрымліваюцца сціплага посту толькі па пятніцах (плюс тры дні да Вялікдня). Галоўнае — не есці мяса. Малако, яйкі нам можна. Мой рацыён па пятніцах — кашы і рыба. Плюс салата — памідоры, агуркі, капуста. Што-небудзь простае.

Я для сябе дадаткова салодкае выключаю на ўвесь час посту. Прысмакі да гарбаты замяняю сухафруктамі і садавінай. Можа быць, сырок глазіраваны, гэта я яшчэ сабе дазваляю.

У пост я адмаўляюся ад музыкі. Памятаю, ва ўніверсітэце было складана ездзіць з Мінска дадому ў Вілейку ў цішы. Было нязвыкла: ты па інэрцыі ўстаўляеш навушнікі, а тут нельга.

Але я знайшла выйсце — слухала хрысціянскую музыку. У нас ёсць каталіцкія гурты, якія спяваюць тыя ж песні, што і мы ў касцёле, — ужо не так сумна.

У гэты час ніякіх кафэ і рэстаранаў. Якое-небудзь чаяванне з сябрамі — так, але без музыкі, без спіртнога, ціха, сціпла. Калі нехта на дзень народзінаў запрашае, адмаўляюся. І 8 Сакавіка не адзначаю, бо яно пастаянна на пост выпадае. Так атрымалася, што і дзень народзінаў мамы на гэты час — мы яго заўсёды пераносім. Вызначаемся з датай пасля Вялікдня і святкуем.

Бывалі выпадкі, што знаёмыя крыўдзіліся, калі адмаўлялася кудысьці схадзіць з імі ў гэтыя дні. Не заўсёды разумеюць чаму. Я як варыянт прапаноўваю перанесці сустрэчу.

З сяброў пост нікому не навязваю: маўляў, я не ем — і ты не еш. Каму цікава, пытаюцца чаму, як. Спакойна ставяцца — ніхто з маіх аднагодак пакуль не смяяўся з гэтага, не казаў, што займаюся лухтой ці штосьці ў гэтым родзе. А былі і тыя, хто пераняў прыклад.

Пост — гэта час, калі жыццё прыпыняецца. Ты абдумваеш, што не так, што трэба змяніць. Калі ты молішся, чытаеш хрысціянскую літаратуру, ты разважаеш пра жыццё, сваё стаўленне да іншых людзей. Магчыма, вырашаеш, што трэба ад нечага пазбавіцца, бо яно няважнае. Такі час аналізу жыцця.

«Трываю два тыдні без інтэрнэту — у дэкрэце ён не так ужо і неабходны»

Маргарыта Севярын

29 год, пратэстантка

Я пачала пасціць, прыйшоўшы ў царкву поўнага Евангелля — я стала пратэстанткай, калі мне было 18. Уся царква пасціць кожны чацвер ці калі з’яўляецца асаблівая патрэба — напрыклад, за Беларусь, за дзяцей, за здароўе.

Чацвер мы праводзім на вадзе. Але па стане здароўя ці пры вялікай фізічнай нагрузцы дазваляецца лёгкі перакус.

Цяжка не ўдзельнічаць, калі ўсе пасцяць і моляцца за такія важныя патрэбы. Гэта можа быць адзін ці тры дні на вадзе і гарбаце. Канечне, гэта няпроста! У першы дзень цяжка не сесці есці разам з усімі па звычцы. На другі дзень лётаеш пушынкай. А вось да трэцяга дня патрэбна падрыхтоўка. Аднойчы на трэці дзень посту мне не хапіла сілаў устаць з ложка, нават проста паварушыць рукой каштавала тытанічных высілкаў, пакуль мяне не пакармілі кашай на вадзе.

А яшчэ неабходна падрыхтоўка да выхаду з посту, каб не накінуцца на першае, што трапіцца на вочы. Трэба пачынаць з мінімальнай порцыі чагосьці лёгкага, пакрысе вяртаючыся да звычайнага рацыёну.

Апошнім часам я не магу прытрымлівацца такога строгага посту: усё ж тры цяжарнасці. Таму я пашчуся часткова.

Трэба адмовіцца ад таго, ад чаго ў паўсядзённым жыцці мы залежым. Для кожнага гэта можа быць сваё. У мяне — два тыдні без інтэрнэту, ці кожны чацвер без салодкага, ці адзін дзень на гарбаце і тварагу.

Паколькі я ў дэкрэтным адпачынку, то інтэрнэт не так ужо і неабходны. Хіба што я люблю шукаць новыя рэцэпты — тут была складанасць. А так усе мае родныя былі ў курсе, чаму я не анлайн, па неабходнасці стэлефаноўваліся.

У гэтыя дні трэба больш часу праводзіць у стасунках з Богам, за чытаннем Бібліі, у адзіноце, у сваім «таемным пакоі», лепш нават не адну гадзіну. Ці адзначаць святы, кожны вырашае сам.

Пост праходзіць лёгка, калі знаходзішся ў малітве. Гэта прыдае сілаў і лёгкасці. Становіцца цяжка, калі адцягваецца ўвага на іншыя справы, не можаш настроіцца, правесці час у цішы.

Усе мае родныя, дарэчы, таксама трымаюць пост. Сярод іх ёсць і 20-гадовыя брат і сястра.

Наталля Лубнеўская, фота з архіву гераінь

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура