Ідэальная зімовая страва: кукурузныя шарыкі з мясным рагу

Калі ў мяне запытацца, якую страву я лічу ідэальнай на зіму, то, шчыра кажучы, я разгублюся і не змагу назваць нешта адно. Але я ўпэўнена, што такая страва павінна валодаць наступнымі якасцямі: быць гарачай, густой і з мноствам спецый. Таму для мяне зіма — гэта перыяд густых супоў, у якіх можа стаяць лыжка, розных рагу са спецыямі і гарачых морсаў. 

08.02.2020 / 12:14

І сёння падзялюся рэцэптам аднаго з такіх рагу. А іскрынкай гэтай стравы з’яўляюцца шарыкі з кукурузавых крупаў — пагадзіцеся, не часта мы такое робім. 

На мясное рагу:

Мяса наразаем кубікамі па 1,5—2 см. Кладзём у рондаль, заліваем халоднай вадой (каб вада пакрывала мяса на 2 пальцы). Даводзім да кіпення, здымаем пенку і варым на маленькім агні 30—40 хвілін. 

Тым часам дробна наразаем цыбулю і часнок, дадаём да мяса разам з таматнай пастай і ўсімі спецыямі. Солім, перчым і варым яшчэ хвілін 20. За 5 хвілін да канца дадаём дробна парубленыя арэхі.

На шарыкі:

Крупы заліваем вадой, солім і даводзім да кіпення. Варым хвілін 10, пастаянна памешваючы. Можа спатрэбіцца больш часу — галоўнае, каб каша стала вельмі густой. Даём ёй трохі састыць і пачынаем рабіць з кашы шарыкі, дыяметрам 1,5—2 см. Кладзём шарыкі на бляху і запякаем 10—15 хвілін у духоўцы пры 180 градусах (калі ў вас ёсць канвекцыя, то ўключыце яе).

Падаём разам шарыкі з кукурузавых круп і мясное рагу. Смачна есці!

Вольга Чарнова, фота аўтара