Праект партала
Гісторыі «Далі пракладкі са словамі: скажыце дзякуй, бо нам надакучыла адмываць вашу кроў». Беларуская топ-мадэль пра суткі ў ізалятары11
01.10.2020 / 19:03

«Калі я пераступіла парог ізалятара, убачыла неба і ўдыхнула свежае паветра — гэта першы раз, калі я заплакала. І ў той жа час жудаснае адчуванне: гэта быў не сон».

Карына Момат — вядомая мадэль. Яна дэфілявала на беларускіх і еўрапейскіх подыумах. Але гэтыя выходныя дзяўчына правяла не на здымках, а ў жодзінскім ізалятары.

Фота з інстаграма Карыны

Пра смярдзючую камеру, грубыя жарты сілавікоў і захапленне палітвязнямі яна расказала «Нашай Ніне».

Карыну затрымалі падчас апошняга жаночага маршу. Яна якраз збіралася сыходзіць, калі невядомы ў зялёным узяў яе за плячо і павёў да буса.

«Мне многія пісалі: чаму ж ты не збегла? Але складана казаць пра такую магчымасць, калі вакол цябе яшчэ дзесяць чалавек у форме. Маё рашэнне было не супраціўляцца, бо ў такой сітуацыі гэта магло нанесці яшчэ большую шкоду», — кажа мадэль.

Суботні вечар яна правяла ў Ленінскім РУУС, а пасля — на Акрэсціна. У той дзень у ізалятар прывезлі жанчын рознага ўзросту — ад 20 да 50 год.

«Выстраілі там каля сценкі, пачалі медагляд — памералі тэмпературу, спыталі, ці патрэбны нейкія лекі. Далі пасцелю і павялі ў камеру. Там не было холадна, у кране — цёплая і халодная вада, туалет агароджаны. Мы з дзяўчатамі разаслаліся і прылеглі, бо ўсе вельмі стаміліся. Прыкладна праз гадзіну пагрукалі ў дзверы і сказалі з рэчамі на выхад», — успамінае Карына.

Фота Вольгі Шукайла, Tut.by.

Людзей пагрузілі ў аўтазак і павезлі ў Жодзіна. На палове шляху, праз тое, што адна з дзяўчат выказвалася, у «стаканах» выключылі святло. Ехаць у цемры, побач з незнаёмым чалавекам і ў недахопе паветра было вельмі непрыемна.

«У суседніх «стаканах» былі мужчыны, і супрацоўнікі жартавалі: «Можа, вас перамяшаць, каб вы патра**ліся, бо невядома, калі вы яшчэ зробіце гэта наступны раз».

Я сябе супакойвала думкай пра тое, што ўсе казалі, у Жодзіна лепш. Але як толькі пераступіла парог, зразумела, што тут хутчэй за ўсё будзе суцэльны трэш. Гэты пах склепу, сырасці… І там вельмі холадна».

Карыну прывезлі ў Жодзіна ў адной толькі шаўковай сукенцы і пінжаку. Цёплых рэчаў яна за тыя суткі не атрымала, бо перадачы не прымаліся.

Стаўленне да дзяўчат у аддзяленні міліцыі і ізалятары вельмі адрознівалася.

«Хоць у РУУС часам адпускалі жарты, ты адчуваў сябе там чалавекам. Так, строга, але прымальна ставіліся і нават часам спачуванне праяўлялі. Звадзілі некалькі разоў у нармальны туалет, камусьці далі пакурыць. А ў Жодзіна сітуацыя нашмат горшая. На цябе крычаць матамі за кожнае слова і шорах.

Калі нас павялі па калідорах, трэба было ісці хутка. А ў цяжкіх чаравіках без шнуркоў гэта было немагчыма. Супрацоўнік тыкнуў у мяне палкай некалькі разоў: «Ты што, калека?»

Карына апынулася ў камеры на шасцярых. Згадвае, што там жудасна смярдзела — каналізацыяй і цвіллю. Паўсюль былі кавалкі пылу. Туалет — дзірка ў падлозе без агароджы. Смярдзючая пасцеля і коўдра, з якой сыплюцца кавалкі. Ад пылу ў Карыны пачалася моцная алергія.

«У нас траіх у камеры былі «крытычныя дні». Нам не далі ні туалетную паперу, ні вільготныя сурвэткі. Толькі пракладкі. Са словамі: «Скажыце дзякуй за гэта, бо нам надакучыла адмываць вашу кроў». Я спадзявалася, нам прынясуць хаця б вады, бо піць з-пад крана мы не адважваліся».

Уначы на калідоры выключалі цэнтральнае асвятленне, але ўрубалі яркі пражэктар — як не адварочвайся, усё адно яго бачыш.

Ранкам дзяўчаты вельмі чакалі сняданак.

«Нам засунулі тры кубкі гарбаты на шасцярых і падазроны з выгляду хлеб, які на галодны страўнік лепш не есці. І ты не разумееш, колькі ў цябе ёсць часу на сняданак, бо з гэтага ж посуду ядуць наступныя людзі. Апалоскваюць яго яны самі ў камерах, як я зразумела. Кубкі былі ўсе ў тлушчы.

У жыцці я вельмі педантычны, грэблівы чалавек. Але ў нейкі момант гэта адключаецца, бо разумееш, што калі не вып’еш гарбату, то проста страціш прытомнасць.

Абед — адзiнае, што я падзяўбала за гэтыя тры дні. Гэта быў суп на вадзе, з парай кавалачкаў бульбы і морквы. Далі тры кубкі кампоту і другое. Але калі мы яго ўбачылі, нас ледзь не званітавала. Гэта была нейкая слізь з макаронаў і тушонкі. Нават дзяўчаты, якія вельмі хацелі есці, гэта не кранулі.

Праз дзве-тры гадзіны далі вячэру. Мы пашкадавалі, што гэтыя талеркі наогул узялі ў камеру — тушаная капуста так смярдзела! Мы дамовіліся з дзяўчатамі, што ніхто не будзе яе есці, бо можна толькі ўявіць, што стане з жыватом — а ў камеры няма сурвэтак і нельга ўмыцца», — апісвае Карына кармленне.

За тыя дні яна ні разу не заплакала. Адзінае — вельмі перажывала за маму.

«Я хацела, каб ёй перадалі, што я моцны чалавек і, што б мне ні зрабілі, я ўсё сцярплю. Я папрасіла дзяўчыну, якая была разам са мной у РУУС і якую адпусцілі, сказаць маёй маме, што нас ніхто не б’е, абыходзяцца нармальна, каб яе супакоіць».

Ранкам у камеры Карына рабіла зарадку, каб зусім не змерзнуць. Раней яна займалася тайскім боксам, таму сагравалася практыкаваннем «бой з ценем». Суседкі па камеры перанялі яе прыклад. 

Дзяўчына расказвае, што ў ізалятары некаторыя дзяжурныя ставіліся да іх па-чалавечы. Так, у нядзелю малады хлопец прынёс ёй лекі — заспакаяльнае, якое Карына пачала піць апошнія месяцы, і абязбольваючае для жыватa.

Суд прайшоў у панядзелак 28 верасня. Карыне выпісалі штраф. Дзяўчына прызнаецца, што апошнія гадзіны перад выхадам на волю — найлепшае чаканне ў яе жыцці.

«Я думала, буду ўсіх абдымаць, але адразу села ў машыну да адваката і папрасіла вады — мне захацелася з’ехаць.

Самае цудоўнае было схадзіць у душ і ўбачыць вялікую падтрымку людзей. Я хвалявалася: можа, ніхто не ведае, ніхто не прыедзе сустракаць», — дзеліцца мадэль.

Тыя суткі змянілі яе светаўспрыманне.

«Мне дзіка сорамна, што раней, калі хтосьці казаў: «Я адседзеў дзень-два», — я думала: ну ты моцны, чувак, гэта не так доўга. Але тры дні там — гэта вельмі доўга.

Асабліва, калі ў цябе няма ніводнай асабістай рэчы і ты не можаш нармальна схадзіць у туалет, умыцца і выпіць шклянку вады.

Я не разумею, як можна гэта цярпець месяцамі. У мяне адчуванне захаплення Віктарам і Эдуардам Бабарыкам, Паўлам Севярынцам, Марыяй Калеснікавай, Ігарам Лосікам. Гэтыя людзі сядзяць за нашу незалежнасць, за свае погляды, на якія яны маюць права. Якую ж яны маюць сілу духу і волі, каб у такіх умовах не здавацца».

Фота з інстаграма Карыны

Пасля вызвалення Карына купіла раман Оруэла «1984» на беларускай мове — адзін з яе любімых. Заходзіла ў кнігарню па правілы дарожнага руху і, убачыўшы прыгожы бел-чырвона-белы стосік кніг, не ўтрымалася.

Раней мадэль была далёкая ад палітыкі. Але маўчаць зараз не можа — з меркаванняў сумлення.

«Ва ўсім свеце павінны захоўвацца правы чалавека. Ты маеш права спакойна гуляць, думаць, як табе хочацца. Гэта ж няправільна, калі на вуліцах да людзей прымяняюцца вышэйшыя меры гвалту, адбываюцца забойствы, хаваюцца злачынствы. Я не ведаю, кім трэба быць, каб гэтага не заўважаць і захоўваць «нейтралітэт».

Наталля Лубнеўская

Каментары
так яму і трэба / Адказаць 01.10.2020 / 19:31

"Свет уратуе прыгажосць"-,падумала я,калі прачытала аповед Карыны і убачыла яе фота.Карына вы малайца!

7
Алёна К. / Адказаць 01.10.2020 / 19:52

Дзякуй за мужнасць, сп. Карына! Усё будзе добра! Верыможампераможам!!!

13
Кругом работающие пенсионеры / Адказаць 01.10.2020 / 19:59

Раньше "тунеядцы" порализовали судебную систему когда ходили обжаловали. Сегодня судей хватает?!

17
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні