Праект партала
Стасункі «Тры жонкі — гэта ж з глузду з’ехаць можна!» Беларускі пра тое, чым замежныя мужы адрозніваюцца ад нашых21
05.12.2019 / 10:13

Беларускі, якія выйшлі замуж за іранца, афрыканца і індуса, але засталіся жыць на радзіме, расказваюць, чым адрозніваюцца замежныя мужчыны, якіх традыцый трымаюцца ў іх сем'ях і да чаго было складана прывыкнуць.

«Муж вельмі любіць дранікі»

Шэсць год таму Іна Масудзіян выйшла замуж за іранца Хамеда. Пазнаёміліся яны праз інтэрнэт.

«Гэта быў сервіс знаёмстваў на mail.ru. Хамед напісаў мне першы, спытаў, як справы. У нас з ім была доўгая перапіска — паўтара года. Ён даўно прасіў сустрэцца, і я нарэшце пагадзілася».

Першае спатканне Іну напужала: да хлопца іншых нацыянальнасці і рэлігіі яна не была гатовая.

«Хамед — мусульманін. Ён з асцярожнасцю кранаў гэту тэму на сустрэчы. А мне было цікава, я распытвала. Бо ўсім вядома, што ў мусульман мнагажэнства дазволена. І мяне мама заўсёды пужала: выйдзеш за замежніка, увязуць цябе ў рабства, — смяецца жанчына. — Але Хамед удакладніў, што ў іх практычна ніхто не мае некалькі жонак, гэта лічыцца няправільным.

Яго мама наогул кажа: «Бог адзін, жонка адна». Напэўна, і мужчыны зразумелі: «Госпадзі, тры жонкі, гэта ж з глузду з’ехаць можна, тут з адной не дасі рады».

Пасля таго спаткання яны не бачыліся некалькі месяцаў — Іна ўзяла паўзу для роздуму. Жартуе, што тады, у 19 год, была заўзятай патрыёткай і лічыла, што павінна выйсці замуж за славяніна. Але лёс склаўся інакш — сёння яны з Хамедам гадуюць двух дзяцей.

Мужчына жыве ў Беларусі ўжо 15 год — калісьці прыехаў сюды вучыцца ў БДУІР, на спецыяльнасць «медыцынская электроніка». Вярнуцца ў Іран? Іна кажа, што быў перыяд, калі яны думалі пра такі варыянт — калі муж толькі атрымаў адукацыю і не мог працаўладкавацца, бо не меў дазволу на жыхарства. Але як толькі яго запрасілі на работу, жыццё наладзілася.

Іна расказвае, што не ўсе стэрэатыпы пра ўсходніх мужчын праўдзівыя.

«Хамед заўсёды мяне падтрымлівае, што б я ні рабіла. Хочаш вучыцца — ідзі вучыся.

Не раўнуе — у мяне ёсць сябры-мужчыны, на працы калегі, і ніколі не ўзнікала пытанняў ці істэрык. Іранскія мужчыны не б’юць жанчын і вельмі цярплівыя, думаючыя. У іх жонка прыраўноўваецца да маці.

Прывяду прыклад. Мы ехалі ў Іране ў машыне з сёстрамі мужа, парушылі правілы руху, нас падрэзала аўто і знесла нам люстэрка. Сястра выйшла і пачала крычаць. Той кіроўца таксама спрабаваў адказаць. А іншыя мужчыны, бачачы гэту сітуацыю, выйшлі з машыны і надавалі яму люлей. Там не прынята крычаць на чужую жанчыну, нават калі яна не мае рацыю».

Што беларуску здзівіла, дык гэта тое, што жаніх не дарыў ёй кветак.

«У іх прынята дарыць золата. Я не разумела, навошта золата — я практычны чалавек, мне, напрыклад, тэрмас патрэбны, — смяецца яна. — Пра кветкі ён казаў так: іх трэба дарыць або жонцы, або маме».

Іна праваслаўная і пасля шлюбу веру не мяняла. Дзеці, як і тата, мусульмане. Рамадану Хамед трымаецца адзін. Іне давялося толькі адмовіцца ад свініны — замяніла яе ялавічынай і баранінай і нармальна сябе пачувае.

На стале ў сям’і часта бываюць беларускія стравы.

«Муж вельмі любіць дранікі. Наогул яму бульба падабаецца — смажаная, вараная…

А традыцыйная ежа ў Іране — гэта рыс. Я калі туды еду на месяц, пад канец ужо не магу яго есці, яго паўсюль падаюць. Дома іранскія стравы я гатую толькі калі госці прыходзяць і хочацца іх чым-небудзь здзівіць. Проста іранская кухня складаная па прыгатаванні. Я не магу дазволіць сабе з двума дзецьмі столькі часу надзяляць ежы. Мне трэба нешта хуткае — катлеты, курыца, ялавічына ў мультыварцы».

«У афрыканскіх мужчын варта павучыцца роўнаму стаўленню да алкаголя»

Муж Аксаны Махамед Кейта калісьці прыехаў у Беларусь з Гвінеі. Былы футбаліст, цяпер ён працуе слесарам на трактарным заводзе.

Дзякуючы футболу пара, дарэчы, і пазнаёмілася. Аксана назірала, як Махамед трэніруецца з сябрамі на стадыёне. Той яе заўважыў і падышоў папрасіць нумар тэлефона. Так і закруцілася.

Па словах Аксаны, афрыканскія мужчыны імпульсіўныя і эмацыйныя, аказваюць жанчынам шмат знакаў увагі.

«Нейкія дробязі прыемныя муж дорыць. Духі ў мяне любімыя скончыліся — ён купляе», — дзеліцца жанчына.

Дадае, што Махамед пільна сочыць за сваім знешнім выглядам.

«Ён у мяне моднік, часцей за мяне ў краму па адзенне ходзіць. Беларусіх мужчын прымушаць трэба абноўку купіць, а гэтага хоць бы спыніць своечасова», — жартуе Аксана.

А вось у яе за гады шлюбу стыль змяніўся ў бок спартыўнага, і сукенкі ў шафе замяніліся джынсамі.

«Я ў дэкрэт сышла, а там ужо і нязручна было з маленькім дзіцем на абцасах. Штаны — гэта не патрабаванне мужа. Наадварот. Ён мне нядаўна купіў кароткую джынсавую спадніцу, кажа: вось, трэба такую насіць».

Плюс афрыканскіх мужчын — клопат аб сям’і. Аксана зайважае, што ў яе няшмат знаёмых пар, дзе б муж столькі часу праводзіў дома з жонкай. Чаму яшчэ варта павучыцца беларусам, дык гэта роўнаму стаўленне да алкаголю.

«Муж можа, канечне, гарэлкі на свята выпіць, але гэта не значыць, што трэба спусташаць бутэлькі да апошняй кроплі».

Аксана гатуе дома афрыканскія стравы (ныпрыклад, рыс з рознымі соусамі), але мужу куды больш падабаюцца боршч і гарохавы суп. А яшчэ любіць калдуны.

Новы год у Афрыцы святкуюць амаль гэтак жа, як і ў нас. А дзень народзінаў ў іх не лічыцца важнай датай — Махамед да прыезду ў Беларусь яго і не адзначаў.

«Галоўнае правіла ў нашай сям’і — любоў. А яшчэ трэба ўмець даслухваць да канца. Я такая імпульсіўная, хочацца ўставіць свае пяць капеек. Спачатку было складана з разуменнем, хутчэй дадумвала канец сказа за мужа. А ён: пачакай, я не гэта хацеў сказаць».

У выхаванні дачкі афрыканскі тата разыходзіцца з беларускай мамай толькі ў адным моманце — ён дазваляе дзіцяці ўсё.

«А я лічу, што трэба абмяжоўваць. Таму ў нас тата добры, а мама строгая», — дадае Аксана.

Яна кажа, што ў культуры мужа прынята, каб мужчына зарабляў, а жанчына глядзела за домам і дзецьмі. І ён такі варыянт ёй прапаноўваў. Але Аксана не пагадзілася: хоча працаваць.

«Пасля таго як Кульдзіп пажыў у Мінску, ён змяніўся па характары — стаў больш сур’ёзным»

Таццяна Шурвель даўно была ўлюблена ў Індыю. Але не ў індыйскіх мужчын.

«Ёсць такая тэндэнцыя ў краінах, дзе ў жыхароў цямнейшы колер скуры — ім падабаюцца беласкурыя дзяўчаты. І мне здавалася, што гэта адзіны крытэрый, чаму менавіта мяне ў Індыі ўсе запрашаюць на каву, спрабуюць пазнаёміцца. Не хацелася, каб толькі з-за гэтага мяне цанілі і любілі», — тлумачыць Таццяна.

З Кульдзіпам яна пазнаёмілася, калі прыязджала па працы ў Дэлі — спынялася ў гатэлі, дзе ён працаваў. Хоць спачатку, з-за перадузятага стаўлення, не звяртала на яго ўвагі. Пара ў шлюбе вось ужо сем год, мае дачку.

«Мяне падкупіла яго добрае стаўленне да сястры, мамы. Ён рана страціў бацьку, быў адзіным мужчынам у сям’і, і ў яго з дзяцінства выхоўвалася адказнасць», — расказвае Таццяна, чым яе зачапіў Кульдзіп.

Мінчанка заўважае: людзі паўсюль аднолькава розныя. Але калі браць яўныя адрозненні індусаў ад беларусаў, то першыя больш адкрытыя, эмацыйныя і больш любяць дзяцей.

«Кажуць жа, што народы, якія жывуць на поўдні, прасякнутыя сонечнай энергіяй. І я з гэтым магу пагадзіцца. У іх нават зварот адзін да аднога — «пай», што перакладаецца з хіндзі як «брат».

Але магу сказаць такую рэч: пасля таго, як Кульдзіп пажыў у Мінску, ён змяніўся па характары. Калі раней гэта была ўсмешка першаму сустрэчнаму, то цяпер ён стаў больш сур’ёзным. Відаць, асяроддзе уплывае». 

Таццяна і Кульдзіп адкрылі ў Мінску сваю студыю ёгі. Абое вегетарыянцы.

«Але не таму, што вегетарыянства папулярна ў Індыі — гэта ўнутраныя перакананні, наш выбар у незалежнасці ад таго, дзе мы жывем. І наш побыт арыентаваны на экалагічнасць. Мы стараемся пакідаць пасля сябе як мага менш адходаў, каб было менш наступстваў для экалогіі.

Паколькі ў нас свая філасофія харчавання, мы гатуем тое, што карысна. Я гатую вельмі проста — у асноўным цэльныя крупы і гародніну (на пару, тушаную, запечаную).

Кульдзіп любіць рабіць чапаці (році) — праснакі з цэльзерневай мукі, якія смажацца на топленым масле ці сухой патэльні. Гэта хлеб, груба кажучы. Таксама часта муж робіць ці рагу з гародніны, ці дал — густы сачавічны суп (або з фасолі, нуту). Часам гатуе адыгейскі сыр, тушаны з гароднінай, — вельмі смачна».

Сям’я стараецца захоўваць абедзве культуры. Адзначае ўсе беларускія і індыйскія святы, падарожнічае па дзвюх краінах, размаўляе па-руску і на хіндзі.

«Цяпер у першым класе ў дачкі пачалася беларуская мова, таму мы купілі казкі на беларускай, чытаем іх таксама,

— дадае Таццяна. — Мне падабаюцца індыйскія фестывалі праз іх маляўнічасць. У мінскай ёга-студыі робім святы, дзе знаёмім беларусаў з індыйскай культурай — ладзім вечары індыйскіх танцаў, музыкі. А калі прыязджаем у Індыю, расказваем пра Беларусь, гатуем стравы беларускай кухні».

У Індыі замужнія кабеты бяруць на сябе ролю хатняй гаспадыні. У сваёй сям’і Таццяна трымаецца іншай мадэлі.

«У нас лозунг такі: кожны займаецца тым, што яму падабаецца. Мы да яго прыйшлі вопытным шляхам, бо калі пачынаем выкарыстоўваць у адносінах стэрэатыпы, як правіла, гэта негатыўна адбіваецца.

Канечне, былі такія перыяды ў жыцці — цяжарнасць, першыя гады жыцця дзіцяці, — калі я менш праяўляла сацыяльнай актыўнасці, па зараблянні грошай у тым ліку, і гэта было вельмі арганічна. Потым, калі дачка падрасла, мне захацелася развівацца. Муж не супраць. Яму падабаецца і гатаваць, і зарабляць».

Жыць у Беларусі пара вырашыла, бо тут была большая матэрыяльная стабільнасць. Таццяна мела кватэру ў Мінску, а дом Кульдзіпа стаяў у індыйскай вёсцы, дзе практычна не бывае турыстаў.

«Я ўявіла, як можа выглядаць маё жыццё, калі мы паселімся ў гэтай сельскай мясцовасці. Насамрэч там прыгожыя мясціны, і, напэўна, калі б па характары я была іншай, мне б падабалася адзінота і роля жонкі-хатняй гаспадыні, гэта было б ідэальным варыянтам. Але я не такая. Таму мы вырашылі пераехаць у Мінск і паспрабаваць тут.

Але магу дадаць для ўсіх дзяўчат, якія мараць выйсці замуж за замежніка: калі яны хочуць быць у ролі вядзёнай, то сто працэнтаў трэба абіраць краіну мужа. Бо многія пары могуць не прайсці праверку — калі жанчына вельмі шмат бярэ на сябе, адразу пачынае шмат патрабаваць ад мужчыны і не разумее, што чалавека вырвалі са звыклага асяроддзя.

Калі хочаце прад’яўляць прэтэнзіі, то лепш гэта рабіць на тэрыторыі мужа».

Наталля Лубнеўская, фота з архіва гераінь

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні