Праект партала
Дома
18.05.2019 / 11:06
Італьянскія выхадныя: гатуем сырную лазанню9

Калі б мяне запыталі, якую страву я магла б есці кожны дзень, без сумневаў назвала б макарону. І прыклад Італіі даказвае, што гэта не надакучвае. Можна кожны дзень рабіць новую страву — мяняць соусы, формы макароны! Ці прайсціся па класіцы — выбраць спагецці карбанара ці баланьезэ. Але сёння мы з вамі прыгатуем іншую вядомую італьянскую страву — лазанню, гэтым разам сырную.

Першыя рэцэпты лазанні знойдзены ў кулінарнай кнізе XIV стагоддзя. Лічыцца, што сваё паходжанне страва бярэ з Неапаля. А само слова з лацінскай мовы перакладаецца як «форма для запякання».

Нам спатрэбіцца:

  • 250 гр. лістоў для лазанні;
  • 200 гр. мацарэлы;
  • 250 гр. рыкоты;
  • 150 гр. шпінату;
  • 1 цыбуліна;
  • 1 зубчык часнаку;
  • 500 мл малака;
  • 2 ст.л. мукі;
  • 50 гр. масла;
  • соль, перац;
  • мускатны арэх;
  • алей.

Спачатку зробім соус бешамель. У сатэйніку топім масла, дадаём да яго муку і даём падсмажыцца, увесь час перамешваючы. Патроху ўліваем цёплае малако і перамешваем соус, каб не было камячкоў. Варым да загусцення. У соус дадаём соль, перац і мускатны арэх на смак.

Тым часам на патэльні з 1 ч.л. алею падсмажым дробна нарэзаную цыбулю і часнок. Як толькі цыбуля зарумяніцца, дадаём да яе шпінат і даём некалькі хвілінак на прыгатаванне. Дадаём да шпінату рыкоту і добра перамешваем.

Мацарэлу тром на тарцы (лепей узяць цвёрдую мацарэлу як для піццы). Пакіньце трошачку сыру на апошні этап прыгатавання.

Пачынаем выкладваць слаі. Форму для лазанні трошкі змазваем алеем, выкладаем першы слой лістоў макароны. Зверху выкладаем рыкоту са шпінатам, пасыпаем сырам, дадаём соус. Зноўку пачынаем з макароны. Такіх слаёў у нас будзе тры, так што размяркуйце рыкоту і мацарэлу на 3 часткі, а соус на 4, каб хапіла на апошні слой — там будуць толькі лісты макароны і соус. Накрываем форму фольгай і запякаем у духоўцы 35—40 хвілін пры 180 градусах. За 5 хвілін да гатоўнасці зніміце фольгу, пасыпце лазанню сырам і пакіньце ў духоўцы да поўнага прыгатавання.

Смачна есці!

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура